РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),

адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)